Реклама от www.by: Создайте себе сайт-визитку бесплатно!
Белорусский конструктор сайтов
www.by/create/site/

      САДРУЖНАСЦЬ ПАЛЕССЯ


Край пад белымі крыламі. Страчанае Палессе

01. 11. 2021

Верагодна няма на Піншчыне такой культурніцка-асветніцкай установы, дзе б не было выдання “Край пад белымі крыламі”. Фотаальбом з невялікімі гісторыямі Палесся стварыў эколаг і краязнаўца Аляксей Дуброўскі. Ён пабачыў свет роўна 15 гадоў таму.

Ці то ў бібліятэцы ці то ва ўстанове адукацыі выданне займае цэнтральнае месца на паліцах. Гэта не дзіўна, бо на момант з’яўлення на Піншчыне адчуваўся сапраўдны “голад” на літаратуру пра роднае Палессе. “Край пад белымі крыламі” Дуброўскага стаў штуршком для іншых даследчыкаў краіны багнаў, бо як “грыбы пасля дажджу”, пачалі выходзіць розныя кнігі, буклеты прысвечаныя Пінску і яго аколіцам.

Нельга сказаць, што на сённяшні дзень попыт на краязнаўчую літаратуру на Піншчыне задаволены, але прарыў адчувальны. Шмат годных, якасных выданняў на розных мовах, якія выклікаюць цікаваць, як у суайчыннікаў, так і замежных гасцёў. Але ж дзіўны свет Палесся вачыма Дуброўскага па-ранейшаму прываблівае аматараў мінуўшчыны і дзікай, мінімальна кранутай чалавекам прыроды (гл.: Трагедыя і ўнікальнасць Палесся. Аляксей Дуброўскі).

Вось ужо неўзабаве будзе дзесяць гадоў (27 снежня), як няма з намі Аляксея Мікалаевіча, але ягоная справа, ягоная праца жывая. Ёсць паслядоўнікі, ўдзячныя суайчыннікі, а значыць усё зроблена не марна. Чаго толькі каштуе адзіны “Край пад белымі крыламі”. З нагоды невялічкага юбілею выдання хочацца прывесці артыкул з фотаальбома “З вышыні трысняговых стрэхаў” і некалькі каларытных здымкаў.

(…) Нашаму пакаленню пашчасціла ўбачыць старое Палессе. І хоць пад трысняговымі стрэхамі жыццё не вельмі заможнае, але людзі і іхні вобраз жыцця выклікаюць шчыры інтарэс і павагу ў жыхароў Беларусі і іхніх гасцей.

Стары і новы сімвалы – крыж і знак аб радыяцыйнай небяспецы – гэта ўсё, што засталося ад пакінутай людзьмі напрыканцы ХХ стагоддзя вёсачкі Горыца Пінскага раёна.

У Еўропе даўно няма такіх паселішчаў у абалонах рэк з укладам жыцця мінулых эпохаў і старажытнымі промысламі. Ва ўсе часы Палескі край быў густа населены, чаму спрыяла багатая прырода і маладаступная для ворагаў тэрыторыя. Толькі ў Пінскім раёне навукоўцамі афіцыйна выяўлена каля 100 старажытных стаянак і гарадзішчаў. У нашай краіне больш няма такой з’явы. На развяваемых пясчаных выдмах не рэдкасць знайсці прылады чалавека каменнага веку, а на невялікай глыбіні – косткі маманта і шарсцістага  насарога.

Яшчэ адна вельмі цікавая палеская вёска – Качановічы Пінскага раёна.

За апошнія 40 гадоў Палессе карэнным чынам змянілася: яго прырода, вёскі і людзі. Фотаздымкі гэтага раздзела як бы падводзяць рысу цэлай эпосе трысняговых стрэхаў, мілых і дарагіх выхадцам з гэтых вёсак, аматарам даўніны і дзікай прыроды. Перад Вашым позіркам пройдуць вёскі Кудрычы, Плошчава, Качановічы, Ласіцк, Какорыца і іншыя ў такім выглядзе, якімі яны выглядалі напачатку ХХІ стагоддзя без камп’ютэрных выдумак і тэхнічных магчымасцяў навейшай апаратуры. Большасць з іх месцяцца ў абалонах па выспах і берагах рэк, таксама як і сотні гадоў таму. У паводку і сёння не рэдкасць пабачыць іх жыхароў у лодцы, якія плывуць па сваіх справах у балота, на поле, размешчанае на грудку, якія вязуць у лодцы хмызняк на дровы ці борці ў цяжкадаступныя балотныя лясы.

Краявіды вёскі Ласіцк.

Народныя промыслы на Палессі заслугоўваюць асаблівай увагі. Напрыклад, да пачатку вытворчасці цукру з цукровых буракоў у ХІХ стагоддзі бортніцтва займала важнае месца ў жыцці грамадства. Бортнікі былі галоўнымі пастаўшчыкамі мёду і воску для магнатаў, шляхты і сялян. Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя Пінскі павет налічваў да 30 тысяч борцяў, якія давалі па 2-3 пуда мёду кожны. Артыкулы Статута ВКЛ 1588 г. строга каралі за пашкоджанне ці рабунак борцяў, аж да смяротнай кары. Борці даваліся ў спадчыну дачкам. Да шчасця, не перавяліся бортнікі на Палесс і сягоння.

Пчаліныя борці, якія знаходзяцца за вёскай Стахава Столінскага раёна, маюць даўнюю гісторыю, але з гадамі аматараў паласавацца свежым мядком не памяншаецца

Не ўсюду дзеці і ўнукі пераймаюць досвед і звычкі бортніцтва ў сваіх продкаў. Аднак бачыць бортнікаў за працай у некаторых вёсках яшчэ можна, асабліва ў лясных і прырэчных паселішчах. Пры здымцы фільма пра бортнікаў сустракаў унікальныя рэчы. Напрыклад у вёсцы Кудрычы адна борць з хвоі была такога памеру, што ўпэўнены, ужо 200 гадоў такіх хвояў у нашых краях не расце, а ў Столінскім раёне ў абалоне Прыпяці на невялікай выспе, куды трапіць можна толькі на лодцы, выявілася пасека ў тым жа выглядзе, якой яна была і стагоддзі таму. На шматвяковым дубе стаялі борці па паверхах, і дабрацца да іх можна было толькі па лесвіцам. Сёлета ўзрушыла мяне пасека ў вёсцы Ласіцк. Убачыць яе можна было ў затопленым лесе абалоны ракі Стыр. Вырабленыя борці ў вёсках, якія стаяць на рацэ Моства Столінскага раёна, захавалі асабістыя кляймы ці, як напісана ў Статуце ВКЛ, “знамена”. І гэта ўсё можна ўбачыць напачатку ХХІ стагоддзя ў ваколіцах Пінска.

Вёска Плошчава.

Цікава ганчарства ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна. Ёсць музей, печы для абпалу ганчарных вырабаў у лесе. Уражваюць вышаўкі ў сялянскіх хатах на саматканых палотнах.

Адным з галоўных відаў транспарту ў вёсцы Крывічы з’яўляецца лодка

Нельга прайсці міма вясковых бабулек. У мяне да іх асаблівыя адносіны. Самаго расціла бабуля, і зараз яны мне дарагія і мілыя. Але так мала сказана аб іх і расказана. Няма ў нашай дзяржаве людзей, якім трэба так нізка пакланіцца. На сваіх руках і плячах яны моўчкі вынеслі вайну, аднавілі гаспадарку. Я памятаю, як яны, маладыя, запрагаліся ў плугі і аралі свае агароды. Запрагалі кароў і аралі калгасную ніву, каб выратаваць народ, сваіх дзяцей і ўнукаў, пакінутых пасля вайны без бацькоў, ад голаду. Зараз у святочныя і нядзельныя дні сядзяць на прызбах у дажываючых свой век вёсачках, смуткуюць аб сваім лёсе, але не губляюць аптымізму. Рады, што дзеці і ўнукі замацаваліся ў горадзе, а яны як-небудзь дажывуць свой век і на сваім грудку сярод балот.

Надзея з вёскі Крывічы, Вера з вёскі Какорыца, Марыя з вёскі Альшанка.

Сягоння лёс у большасці з іх аднолькавы – у адзіноце праводзіць апошнія гады свайго жыцця. А разам з ім сыходзяць у Лету і іх старадаўнія паселішчы. Гэты факт з’явіўся важным стымулам да выканання задумы па стварэнню фотаальбома. Мяне асабліва ўразілі веды старымі людзьмі гісторыі свайго роду ў шляхецкіх вёсках. Яны гадзінамі казалі аб падзеях даўно мінулых дзён у гісторыі вёсак, аб каралеўскіх граматах на іхняе шляхецтва.

Нельга пакінуць па-за ўвагай, што фотаальбом “Край пад белымі крыламі” выйшаў накладам ў пяць тысяч, а гэта вельмі шмат, як тады, так і зараз. Ужо вялікая рэдкасць краязнаўчыя выданні да тысячы асобнікаў. Дапамаглі ў з’яўленні фотаальбома – выдавец Уладзімір Зянько і мастак Віктар Сагановіч.  Праца Дуброўскага мела запатрабаванасць, яна знайшла свайго чытача і не згубіла актуальнасці.

Аляксей Мікалаевіч Дуброўскі (2 студзеня 1945, в. Зачысце Барысаўскага раёна Менскай вобласці – 27 снежня 2011, Пінск) –  вядомы фатограф, эколаг і краязнаўца. Ягонымі здымкамі аздобленыя шматлікія зборнікі аб Палессі. Аўтар сотняў артыкулаў, прысвечаных праблемам экалогіі і гісторыі, якія рэгулярна з’яўляліся ў беларускім і замежным друку. За гэта ў 2007 годзе атрымаў узнагароду Беларускай асацыяцыі журналістаў. У 2000 годзе выдаў кнігу “Палігон”, а ў 2006 годзе фотаальбом “Край пад белымі крыламі”. Дуброўскі працяглы час працаваў інжынерам у Пінскім праектным інстытуце меліярацыі, у навуковым аддзеле парку “Белавежская пушча”. У 1985-1990 гадах кіраваў працай па арганізацыі большасці заказнікаў Пінскага раёна і новых заказнікаў Палесся, між іншых “Лунінскі”, “Званец”, “Выдранка”. У часы перабудовы падтрымаў нацыянальна-дэмакратычны рух, амаль дзесяць гадоў быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета.     

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Реклама:

Создать сайт бесплатно
Создать сайт бесплатно
Объявление от WWW.by:
Создайте себе сайт-визитку бесплатно!

Белорусский конструктор сайтов

 
 
Реклама:
чистка дымоходов
чистка дымоходов
 
Реклама от WWW.by:
Аренда прицепов, строительного оборудования

Компания предлагает напрокат без залога прицепы, лафеты, строительные леса, багажники, рейлинги, поперечины, автобоксы, велoпри

Аренда автобоксов, велокреплений
 
Юридическая помощь по трудовым отношениям

У вас есть вопросы? Мы бесплатно найдем ответы.

profapk.www.by
 
Пожаловаться на сайт