Сайт создан на конструкторе www.by.   Создайте и Вы себе сайт бесплатно!

      САДРУЖНАСЦЬ ПАЛЕССЯ


Да ўгодкаў “палескай разумніцы”

09. 12. 2018

Так паэт Анатоль Шушко ды і ўсе філфакаўцы БДУ 70-х гадоў называлі даследчыцу беларускай літаратуры, паэтэсу і педагога Любоў Канстанцінаўну Тарасюк. Ёй толькі споўнілася б 65 год, але яе заўчасна не стала ў чэрвені 2006 года. Беларускае Радыё Рацыя ўзгадвае некалькі цікавых фактаў з жыцця і дзейнасці навукоўцы.

На фота: Любоў Тарасюк. Аркуш з альбома, прысвечанага творчасці знанай зямлячкі, які ўласнымі рукамі зрабілі вучні з Пінкавіч

Мой бераг родны… Палессе   

Любоў Канстанцінаўна нарадзілася 7 снежня 1953 года ў Пінкавічах, што пад Пінскам. Свае здольнасці ў літаратуры і навуцы праявіла са школы. Трапіла пад уплыў дасведчанага педагога – настаўніка беларускай мовы і літаратуры Івана Калошы. У 1990 годзе ён створыць у Пінкавічах літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа. Таксама нельга пакінуць па-за ўвагай, што Калоша да Пінкавіч выкладаў у Сноўскай сярэдняй школе (цяпер аграгарадок у Менскай вобласці – аўт.). Як вядома, тут вучыўся будучы прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і першы міністр культуры Анатоль Бутэвіч. Дык вось спадар Бутэвіч шчыра ўдзячны настаўніку Калошы за прышчэпку павагі і цікавасці да роднай гісторыі.

На фота: Вучні Пінкавіцкай школы з пісьменнікамі. У цэнтры – Іван Шамякін, ІІ рад злева: Люба Тарасюк, Пімен Панчанка, Іван Навуменка, Мікола Гамолка  

“Піянер Беларусі” – не, а “Маладосці” – так

У 1966 годзе ў газеце “Піянер Беларусі” выйшла падборка вершаў 13-гадовай Любы. Гэта першы літаратурны досвед, як кажуць – дэбют. Але  навукоўца не лічыла дэбютам з’яўленне вершаў у рэспубліканскай дзіцячай газеце, казала, што ўсё пачалося ў 1973 годзе. Тады ў часопісе “Маладосць” змясцілі нізку яе твораў.

На фота: Альбуць. 1970 год. Радзіма Якуба Коласа. У цэнтры – Люба Тарасюк

З Пінкавіч у Менск

Школу Тарасюк скончыла з залатым медалём і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе яе заўважылі Ніл Сымонавіч Гілевіч ды Васіль Быкаў. Яны ўзялі патранаж над здольнай студэнткай і накіроўвалі яе на канферэнцыі, семінары па літаратурнай тэматыцы. Курыравалі першыя даследаванні, навуковыя працы. Менавіта Ніл Гілевіч пераканаў Любу застацца працаваць у галоўным універсітэце краіны. Як высветлілася – гэта быў лёсавызначальны крок, бо ўсё ейнае жыццё ад таго моманту і да апошніх дзён будзе звязанае з БДУ.

На фота: Некаторыя з выкладчыкаў Любы ў БДУ. Легендарныя Ніл Сымонавіч Гілевіч, Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, Навум Ісаакавіч Лапідус ды іншыя.

Працяг справы “Цёткі”

Калегі па Беларускім дзяржаўным універсітэце ахарактарызавалі навуковую дзейнасць Любові Тарасюк, як працяг справы Алаізы Пашкевіч. Яна аўтарка двухста навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў. Тарасюк, як педагог выхавала дзясяткі асоб, якія аздабляюць Беларушчыну, як, напрыклад, паэт Міхась Скобла ці драматург Сяргей Кавалёў.

У 27 год яна атрымала навуковую ступень кандыдата філалагічных навук, а ў 33-гадовым узросце стала дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На фота: Разам з калегамі, Любоў Тарасюк сядзіць першая справа

Праца дзеля беларускай справы

У 1981 годзе Тарасюк прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе яе абралі ў чальцы праўлення арганізацыі. Праз два гады выходзіць першы паэтычны зборнік “Смага ракі”, а затым манаграфія “Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі”. Уваходзіла ў рэдкалегію літаратурнага часопіса “Маладосць” і склад праўлення Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). З 1991 па 2005 год Любоў Тарасюк узначальвала суполку філалагічнага факультэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, а з 1995 года з’яўлялася ганаровым чальцом гэтай асацыяцыі.

На фота: Пасведчанне “Ганаровага сябра” асацыяцыі беларусістаў за подпісам Адама Мальдзіса

Я моўчкі паміраю, як рака,

Шукаючы ад смагі прагнай выйсце…

Гэтыя словы Любоў Тарасюк напісала задоўга да сваёй смерці, але яны спраўдзіліся ў рэальнасці. Яна памірала, згараючы ад цяжкой хваробы, адыходзіла моц – нібы мялее рака. У 2003 годзе выдала другі зборнік, апошні прыжыццёвы – “Апалогія красы”. Хвароба стала прычынай вяртання з Менска ў родныя Пінкавічы. Калі яшчэ ў 2005 годзе былі чаканні лепшага, то за год надзея знікла. Усё завяршалася. Разумела тое і навукоўца, але мужна трымалася, не прыпыняла сваю справу. 16 чэрвеня 2006 года на 53-м годзе жыцця Любові Тарасюк сэрца навукоўцы спынілася…

“Да яе прац яшчэ звернецца не адзін сучаснік альбо наступнік у пошуку сапраўды навуковага слова пра беларускую паэзію ХІХ і ХХ стагоддзяў, пра наш фальклор, нашу культуру, духоўнасць, развіццё айчыннага літаратурнага працэсу ў лучнасці з агульначалавечай гісторыяй. Ён знойдзе гэтыя параўнальна нешматлікія працы сярод шараговага інфармацыйнага друзу, як сапраўдныя дыяменты – моцныя сумленным стаўленнем да факта, да тэксту і ззяючыя арыгінальнасцю мыслення. Неарамантызм і неакласіцызм, імпрэсіянізм і сімвалізм, іншыя эстэтычныя феномены ва ўніверсальнай паэтыцы беларускіх класікаў гарту Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, а таксама творчасць славутых (як Францішак Багушэвіч) і малавядомых (як Юльян Ляскоўскі) аўтараў ХІХ стагоддзя Любоў Канстанцінаўна вывучала з той праніклівасцю, якую ёй даваў яшчэ і ўласны паэтычны талент…” – водгук кандыдата педагагічных навук Ніны Рашэтнікавай.

Беларускае Радыё Рацыя

Объявление от WWW.by:
Корейская компания Атоми в Беларуси

Удаленный заработок с корейскими товарами atomy (атоми)

 
 
Реклама:
 
 
Реклама от WWW.by:
Интернет-магазин детской одежды

Дорогие покупатели. Будем рады видеть вас в нашем интернет - магазине детской одежды http://aleks - kids. Www. By/ .

aleks-kids.www.by
 
Популярные игрушки 2019 по низким ценам!

Популярные игрушки 2019 по низким ценам.

igrushki-present.by
 
Пожаловаться на сайт