Реклама от www.by: Наша продукция
Система радиоуправления «noolite» — технология умного дома по доступной цене. Пульты, силовые блоки, таймеры, диммеры, и мн. Другое
nootehnika.by

Гонар і павага гісторыі — Беларускі Нацыянальны Пантэон

11. 02. 2018

Савет Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Садружнасць Палесся" звярнуўся з прапановай аб фармаванні і стварэнні Беларускага нацыянальнага пантэону да дэпутата беларускага парламента, гісторыка Ігара Аляксандравіча Марзалюка. Адпаведнае рашэнне было прынятае на паседжанні Савета ГАГА "Садружнасць Палесся" ў студзені. Тэкст зварота, які не з'яўляецца таямніцай, публікуем на старонцы аб'яднання.

Шаноўны Ігар Аляксандрвіч!

Вы, як дэпутат ПП НС РБ, доктар гістарычных навук і ўвогуле наўпрост неабыякавы да лёсу краіны грамадзянін, зарэкамендавалі сябе абаронцам нацыянальных, гістарычных, культурніцкіх каштоўнасцяў Беларусі. Менавіта таму Савет Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Садружнасць Палесся” прыняў рашэнне звярнуцца з адпаведнай прапановай да Вас.

Ігар Аляксандравіч, Вы, як ніхто іншы ведаеце, што напрацягу трох год нашая краіна знаходзіцца на вельмі важным 100-гадовым рубяжы. Стагоддзе таму ў актыўныю фазу ўвайшлі лёсавызначальныя працэсы для ўтварэння і існавання сучаснай Беларускай Дзяржаўнасці. 1917 год – стварэнне першага палітычнага прадстаўнічага органа беларускага народа – Нацыянальны Камітэт (БНК), скліканне і правядзенне І Усебеларускага сходу. 1918 год – абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, першая спроба беларускага народа займець уласную Дзяржаву і заняць годнае месца сярод вольных народаў свету. 1919 год – утварэнне першай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 1920 год – умацаванне Савецкай Беларусі, якая ў дальнейшым з’яднала ў сябе большасць этнічных земляў беларусаў. Ланцуг закладання Беларускай Дзяржаўнасці значна большы. Яго адлік па праву трэба весці ад Ранняга Сярэднявечча, ад першых княстваў на пакутніцкай беларускай зямлі, але менавіта ў 1917-1920 гг. настаў пік закладання ўласнай краіны, сацыяльна-палітычных інстытутаў кіравання.

У сувязі са знакавымі ўгодкамі настаў самы час, каб закласці Беларускі нацыянальны пантэон – спіс слаўных імёнаў з нашай мінуўшчыны, якія з’яўляюцца сімваламі Рэспублікі на адным узроўні са сцягам, гербам, гімнам ды мовай. Адпаведна, як нацыянальныя сімвалы, павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы ды быць годна шанаванымі. Калі гаворка вядзецца аб пантэоне, як аб будынку – з’яве фізічнай, а не тэндэнцыі, то варта стварыць залю, алею Беларускі нацыянальны пантэон у адным з агульнанацыянальных музеяў альбо ўвогуле ў перспектыве пабудаваць асобны будынак. Але куды больш цікавіць менавіта духоўна-маральны аспект, сімвалічны.

За знявагу да мовы ці сцяга нашым заканадаўствам прадугледжана адказнасць, так мусіць быць і за абразу імёнаў Беларускага нацыянальнага пантэона. Гэта не азначае, што нельга нейкае крытычнае стаўленне, адзнака той ці іншай асобы са спісу “слынных сыноў Беларусі”, але яна мусіць быць навукова абгрунтавана, падмацавана фактамі і г.д. Галаслоўная абраза праз будзь-якія сродкі ці ў будзь-якім праяўленні павінна карацца, як тое робіцца за знявагу мовы, сцяга і г.д. Не можа мець месца наўмыснаму паклёпу, накіданню ярлыкоў і штампаў. Беларусь, як краіна якая ўжо адбылася, мусіць ушаноўваць і абараняць імёны, якія ёсць неад’емнай часткай нашай Незалежнасці. Нельга даваць сімвалы ў крыўду.  

Савет Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Садружнасць Палесся” разумее, што фармаванне і стварэнне Беларускага нацыянальнага пантэона – пытанне, якое нельга вырашыць імгненна. Гэта цэлы працэс, які мог бы больш узмацніць, скансалідаваць наш народ. Напрыклад, магчыма было б утварыць аўтарытэтную Камісію навукоўцаў, якія б прапанавалі імёны па іх знакавасці, унёску ў станаўленне Беларускай Дзяржаўнасці. Безумоўна, гэта імёны не толькі палітыкаў – мастакі, літаратары, даследчыкі, вайскоўцы і спартоўцы. Усе, хто сваёй руплівай працай закладаў цаглінку ў падмурак нашай Вольнай Беларусі. Таксама варта вынесці гэтыя асобы на грамадскія слуханні, дыскусіі, галасаванне ў Інтэрнэце. У наш час тэхнічныя магчымасці дазваляюць розныя варыянты ўцягнення ў працэс шырокіх колаў грамадства. Пачынаючы ад апытанак да цэлых конкурсаў, віктарын, спаборніцтваў. Падкрэслім, што сапраўды праца сур’ёзная і адказная, таму спатрэбіцца час, але яго маем, бо ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя дзяржаўнасці толькі пачынаюцца і ў запасе амаль тры гады, да 2020/21 года.

Між іншага ў такой кампаніі ёсць вялікая гуманітарна-асветніцкая праца з насельніцтвам краіны, што нельга спісваць з рахунку. Адназначна ўзрастуць гістарычныя веды розных катэгорый грамадства, адбудзіцца папулярызацыя мінуўшчыны, прыцягненне ўвагі шырокай аўдыторыі грамадства да гісторыі і гістарычнага лёсу краіны. Зможам зрабіць аналіз, якія гістарычныя постацці, эпохі больш за ўсё выклікаюць захапленне ў грамадзян, якія ўяўленні пра мінуўшчыну Бацькаўшчыны ў насельніцтва краіны. Асэнсаванне гістарычнага шляху краіны, шляху народа рэч карысная і дакладна не пойдзе ў мінус. Нельга баяцца і нейкіх негатыўных момантаў, бо лепш усё вырашаць у ходзе дыскусій, размоў, чым пакідаць без тлумачэнняў і не звяртаць увагі. З-за чаго пачынаюцца так званыя “гістарычныя войны” і наўпрост робяцца правакацыйныя спробы перапісаць гісторыю, ўзвесці ў ранг “нацыянальных герояў” асоб, якія досыць далёка ад такіх статусаў.

Фармаванне і стварэнне Беларускага нацыянальнага пантэона будзе маштабнай, агульнанацыянальнай кампаніяй, якая пакажа спеласць нашага грамадства. Мы, жыхары краіны, разам зможам сфармаваць спіс імёнаў Беларускага нацыянальнага пантэона.

Шаноўны Ігар Аляксандравіч, Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” просіць Вас уважліва разгледзіць прапанову ды патрымаць яе, канечне, магчыма выпрацоўка розных варыянтаў. Нават пачаць з дыскусіі вакол ініцыятывы ў парламенце ды ў грамадстве. Галоўнае – зацікаўленасць самой ідэяй, разуменне яе важнасці і актуальнасці, а формы і метады яе ажыццяўлення – ўжо першы крок да стварэння Беларускана нацыянальнага пантэона. Са свайго боку, ў выніку зацікаўленасці, ГАГА “Садружнасць Палесся” гатовая далучыцца да працы, выказаць свае прапановы па рэалізацыі ініцыятывы.

Кожная краіна мае свае сімвалы і выбітныя імёны мінуўшчыны – тое, без чаго не было б аніякай дзяржавы. Нават калі і не маюць, то выдумляюць станоўчыя легенды, з’яўляюцца міфічныя постаці – абаронцы нацыі і земляў, а беларусам не трэба выдумляць. Нам трэба шанаваць і ганарыцца слыннымі сынамі Беларусі!

 

Савет ГАГА “Садружнасць Палесся”

г.Пінск, 24 студзеня 2018 год

Старшыня ГАГА “Садружнасць Палесся”         

Пожаловаться на сайт